Нямецкая сістэма канцэнтрацыйных лагераў была дастаткова складанай. У ёй меліся “афлагі” (афіцэрскія лагеры), “дулагі” (перасыльныя лагеры), лагеры для грамадзянскіх асоб. Але аснову складалі так званыя “шталагі” (стацыянарныя, пастаянныя такога роду ўстановы). Ужо ў ліпені 1941 года ў паўночнай частцы Маладзечна быў створаны “Шталаг 342”, камендантам якога стаў падпалкоўнік Вольтке.
“Шталаг 342” меў свае аддзелы або філіялы па ўсёй паўночна-заходняй частцы Беларусі. Яны павінны былі забяспечваць бясплатнай рабочай сілай многія тылавыя аб’екты вермахта – ваенна-будаўнічую арганізацыю “Тодт”, чыгуначныя станцыі, лесанарыхтоўкі і нават рамонтныя майстэрні.
Адзін з такіх аддзелаў быў створаны ў Гудагаі, ён насіў назву “Гудагай 13”. Ён размяшчаўся ў будынку мясцовай школы і ў яго сценах утрымлівалася ад 150 да 300 ваеннапалонных. Вязні займаліся тым, што перашывалі чыгуначнае палатно пад нямецкі стандарт вузкакалейкі, разгружалі вагоны, будавалі новую чыгуначную ветку, ажыццяўлялі бягучы рамонт цягнікоў. Гэта была цяжкая непасільная праца, справіцца з якой аслабелым ад голаду і здзекаў палонным удавалася коштам неверагодных высілкаў.
Спачатку лагер ахоўвала нямецкая каманда. Як успаміналі мясцовыя жыхары, у 1941 годзе немцы яшчэ ставіліся да ваеннапалонных цярпліва, нават з пэўнай доляй дабрадушнасці. Калі людзі прыносілі палонным хлеб або іншыя прадукты, ахова іх не спыняла, хаця самае лепшае забірала сабе па вядомай формуле: “яйкі, куркі, млека”.
Сітуацыя рэзка змянілася пасля прыходу сюды літоўскіх паліцаяў. Найменшыя кантакты мясцовага насельніцтва з вязнямі былі забаронены пад страхам расстрэлу. Да вязняў ахова стала адносіцца са звярынай жорсткасцю. У лагерах лютаваў голад.
З рапарта галоўнага інтэнданта вермахта ў Остландзе (так немцы называлі Заходнюю Беларусь і Літву) своему рейхскоміссару, датавананага 27 ліпеня 1942 года:
“Нястача харчавання для ваеннапалонных вельмі вялікая. Дастаўка прадуктаў з радзімы (маецца на ўвазе Германія – І.У.) выключаецца. Харчовыя эрзацы (заменнікі) да гэтага часу маглі быць пастаўлены ў вельмі малой колькасці.”
Зыходзячы з вышэйсказанага, галоўны інтэндант рэкамендаваў выкарыстоўваць для харчавання ваеннапалонных наступнае: “мукамольные адходы, мучны пыл, адходы вытворчасці цукру і напояў, рыбныя адходы, адходы перапрацоўкі фруктаў, навар ад каўбаснай вытворчасці, косны мозг, лісце рэпы, буракоў, дзікарастучае зяленіва – крапіву, шчаўе, дзьмухаўцы.” Усё гэта павінна было ўпакоўвацца ў бочкі з надпісам “Адкіды для ваеннапалонных”.
Калі ў рукі савецкага правасуддзя трапіў начальнік лагернай паліцыі “Шлаг 342” П. Краснапёркін, ён 1 красавіка 1945 года на допыце паказаў:
–Ад голаду людзі нагадвалі шкілеты, а сам лагер – вялікія могілкі, на якіх паўсталі з магіл усе пахаваныя адначасова. Яны страшэнна пакутвалі ад голаду і смагі. Голад рабіў людзей падобнымі да ценяў, ад голаду трацілі розум, заканчвалі жыццё самагубствам. Голад быў царом лагера, а немцы – тымі, хто яго пасадзіў на трон...”
Другой прычынай велізарнай смяротнасці былі інфекцыйныя хваробы. Летам і восенню рэгулярна здараліся ўспышкі сыпнога тыфу (асабліва шмат ваеннапалонных загінула ад гэтай хваробы ў перыяд з кастрычніка 1941 па чэрвень 1942 гадоў) і дэзынтэрыі, а зімой і ранняй вясной, грыпу і запалення лёгкіх.
Аслаблены за зіму авітамінозам і яго наступствам – цынгой арганізм не мог процістаяць чатыром вершнікам Апакаліпсісу – голаду, холаду, непасільнай працы і эпідэміям. Менавіта на студзень-сакавік прыходзілася найбольшая колькасць смяротных выпадкаў у “Гудагаі 13”. Зрэшты, акупацыйныя ўлады гэта не турбавала – страты работнікаў тут жа запаўняліся новымі няшчаснымі.
Концлагер “Шталаг 342” праіснаваў з ліпеня 1941 па чэрвень 1944 года. за гэты час у ім памерла або было забіта 33150 чалавек. На долю “Гудагай 13” з гэтай колькасці прыйшлося больш за 200 чалавек, але гэтая лічба не канчатковая.
Пахавалі іх усіх у агульнай магіле на паўночным ўсходзе ад Гудагая, у месцы, якое немцы з уласцівым ім чорным гумарам назвалі “Фрыдэнхоф” – “Двор прымірэння”.
http://ostrovets.grodno-region.by/ru/65_letie/publikatsii_k_pobede?id=3458